Адрес: 211631, г.Верхнедвинск,
ул.Кооперативная д.1
Телефон приемной:
8 (02151) 6-33-47  c 8.00 до 21.00
Телефон «горячей линии»:
8 (02151) 6-33-47  c 8.00 до 21.00
Электронная почта райисполкома:
vdv-rik@vitebsk.by

Игровой комплекс «Каравелла» Верхнедвинская гимназия Pека Западная Двина Мини-зоопарк «Лесная сказка» Верхнедвинский районный исполнительный комитет
Игровой комплекс «Каравелла»
Игровой комплекс «Каравелла»
Верхнедвинская гимназия
Pека Западная Двина
Мини-зоопарк «Лесная сказка»
Верхнедвинский районный исполнительный комитет
Главная / Регион / География

География

Геаграфічнае становішча Верхнядзвіншчыны

Верхнядзвінскі раён – самы паўночны ў Беларусі. Крайні паўночны пункт Верхнядзвінскага раёна і ўсёй краіны – 560 10' пн.ш. – размешчаны паблізу мемарыяла Курган Дружбы. Крайні паўднёвы пункт – 550 33' пн.ш. – знаходзіцца на беразе Дзвіны ля былога фальварка Барздзілава паблізу мяжы з Полацкім раёнам, за 3 км на поўдзень ад вёскі Замошша. На беразе Дзвіны каля вёскі Новае Сяло, на самай мяжы з Латвіяй, размешчаны і крайні заходні пункт раёна; крайні ўсходні пункт знаходзіцца бліз сутоку рачулкі Голавач з ракой Нішча на мяжы з Расонскім раёнам. Геаграфічным жа цэнтрам раёна, аднолькава аддаленым ад крайніх яго пунктаў, з усіх сучасных паселішчаў з'яўляецца вёска Каханавічы.

Калі ахарактарызаваць размяшчэнне нашага раёна на карце свету ўсяго двума каардынатамі, то дастаткова выкарыстаць прыблізныя паказчыкі, якія лёгка запамінаюцца: 560 паўночнай шыраты, 280 усходняй даўгаты. Як бачым, лікавы паказчык шыраты ўдвая большы за паказчык даўгаты. Гэтыя адметныя лініі, ствараючы крыж, перасякаюцца ў вёсачцы Муквяціца на Асвейшчыне. Яны служаць важным арыенцірам для пракладкі авіяцыйных трас.

Шырата нашай мясцовасці вядомая і папулярная сярод аматараў цікавінак з-за яе пэўных асаблівасцяў. На адной паралелі з нашым кутком знаходзяцца шатландскі Эдынбург і сталіца Даніі Капенгаген, Масква і Ніжні Ноўгарад, Казань і ўсе, акрамя Пермі, гарады-мільённікі Урала і Сібіры. Сярод людзей, апантаных пошукам ліній і цэнтраў гармоніі на Зямлі і ў Космасе, нямала такіх, хто менавіта 56-ю паралель лічыць Залатым сячэннем Зямлі, самай гарманічнай шыратой, дзе прырода надзяляе чалавека толькі памяркоўнымі выгодамі, пакідаючы яму шырокае поле для працы па іх множанні.

Абрысы нашага раёна лёгка запамінаюцца. На значным працягу яго контур абумоўлены лініяй рэк. Натуральнай граніцай у нас служаць асобныя ўчасткі рэчышчаў больш як 20 рэк. Самыя доўгія "рачныя" граніцы праходзяць па Дзвіне і Свольне.

Яшчэ адна асаблівасць геаграфічнага становішча Верхнядзвіншчыны заключаецца ў тым, што наш раён – адзіны ў краіне, які да 1939 года межаваў адразу з трыма (!) дзяржавамі: РСФСР, Латвіяй і Польшчай. Зараз Дзвіна, якая служыла калісьці мяжой Польшчы, аддзяляе ад нас Мёрскі раён. Межы ж з Расіяй і Латвіяй сустракаюцца на "паўночным полюсе" Беларусі – ля Кургана Дружбы.

Нашы суседзі з усходу – Полацкі і Расонскі раёны. Межы трох раёнаў сустракаюцца пры сутоку рэк Нішча і Дрыса. На поўначы нашым суседам з'яўляецца Себежскі раён Пскоўскай вобласці (Расія), на захадзе – Краслаўскі, Дагдскі і Зілупскі краі Латвіі.

Да 1920 года дзяржаўная граніца (мяжа Дрысенскага павета) з Латвіяй праходзіла па прытоку Дзвіны – рацэ Індрыца, за 15 км на захад ад цяперашняй. Па гэтай парожыстай рачулцы савецкім часам турысты з Верхнядзвінскага раённага турклуба "Шукальнік" ладзілі байдарачныя сплавы. Цікавым аб'ектам на Індрыцы была дэрывацыйная ГЭС. Рэчка "ўдзельнічала" і ў новых палітычных спрэчках па пытанні дзяржаўнай граніцы – пра яе ўспомнілі падчас разбурэння СССР. Пэўныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі былі выстаўлены з латвійскага боку, праўда, не на дзяржаўным узроўні. На мяжы 1990-х гадоў адбыўся мітынг на

Рыжскай шашы на месцы сучаснага прапускнога пункта Грыгораўшчына. Дэлегацыі краін-суседак пацвердзілі непарушнасць сучаснай мяжы паміж Беларуссю і Латвіяй, астудзіўшы пал і шал прэтэндоўцаў, якія ў гарачцы аб несправядлівасці савецкіх граніц пераблыталі назвы рэчак Індрыца і Расіца і загаласілі аб неабходнасці пераносу беларуска-латвійскай мяжы да ўстаноўленай дагаворам 1920 года, што азначала, па іх меркаванні, далей … на ўсход (!).

Між тым, прэтэнзіі маглі выставіць не латышы, а беларусы, бо мяжа Дрысенскага павета з Латвіяй да 1920 г. праходзіла якраз па Індрыцы, а не па Расіцы, Прыдруйск жа (Піедруя) і Пустыня (Робежніекі) былі яго мястэчкамі.

Геаграфічнае становішча Верхнядзвіншчыны на сутыку розных дзяржаў і этнасаў адбілася на яе гісторыі і эканамічным развіцці. Шматлікія "разборкі" пры вызначэнні дзяржаўных межаў паміж Маскоўскім княствам і Вялікім княствам Літоўскім, канфлікты ВКЛ і Рэчы Паспалітай з Лівонскім ордэнам не раз спустошвалі наш край, затрымлівалі яго прагрэс.

Геаграфічнае становішча нашага краю абумовіла гісторыю яго засялення, якое наўпрост залежала ад зменаў прыроднага асяроддзя ў час апошняга пасляледавікоўя. Яна вывучалася падчас шматлікіх археалагічных экспедыцый і навукова-гістарычных даследаванняў, пакінула шмат матэрыяльных сведчанняў у Падзвінні і на Асвейшчыне. У іх ліку прылады працы, зброя, побытавы рыштунак, упрыгожанні, якія можна ўбачыць у нашым музеі. Да матэрыяльных сведчанняў даўніны адносяцца і нерухомыя аб'екты: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі. Найбольш распаўсюджаны і вывучаны гарадзішчы і пахаванні-могільнікі. На тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна звыш 30 помнікаў археалогіі, даследаваных вучонымі, апісаных у літаратуры і ўвасобленых у навуковых калекцыях. Яны выяўлены ў рэльефе характэрнымі курганнымі формамі і культурным слоем у разрэзе глебы.

Стаянка позняга мезаліту выяўлена і вывучана ў лесе паблізу вёскі Замошша Боркавіцкага сельсавета. Гэта – самы старажытны помнік археалогіі ў раёне і рэдкі помнік гэткага тыпу ў паўночным Прыдзвінні. Людзі на стаянцы Замошша пасяліліся "зусім нядаўна" – неўзабаве пасля адыходу апошняга ледавіка, за 7 тыс. год да н.э., на 17 тысячагоддзяў пазней, чым чалавек стварыў паселішча Юравічы над Прыпяццю на поўдні Беларусі.

Размяшчэнне самага блізкага да паўночнага полюса раёна Беларусі ўплывае і на яго сучасныя прыродныя асаблівасці. Зіма ў нас нашмат халадней, чым на Брэстчыне, але, дзякуючы адноснай блізкасці да Балтыйскага мора, крыху мякчэй, чым на ўсходзе Віцебскай вобласці. Сярэдняя тэмпература студзеня ў Верхнядзвінску – мінус 7,2 градуса па Цэльсію. У асобныя гады гэты паказчык можа значна адрознівацца ад сярэдняга. Лета халаднаватае ў параўнанні з іншымі мясцінамі, глебы не вылучаюцца высокай натуральнай урадлівасцю. Тым не менш працоўныя самага паўночнага раёна на справе даказалі, што руплівае і пісьменнае гаспадаранне з апорай на сучасныя тэхналогіі сапраўды могуць зрабіць самую халодную паралель "залатой".

Запомніце і наступныя брэндавыя цікавіны.
Верхнядзвінск – самы паўночны горад Беларусі, а Асвея – самае паўночнае гарадское паселішча (гарадскі пасёлак).
Недапытлівыя ў геаграфіі людзі нярэдка называюць самым паўночным горадам Беларусі Гарадок, а самым паўночным гарадскім паселішчам – Езярышча або Расоны.

Аднак, разглядаючы карту Віцебскай вобласці і карыстаючыся звычайнай лінейкай і калькулятарм, няцяжка падлічыць, што Гарадок бліжэй да экватара, чым Верхнядзвінск, на 33 кіламетры, Расоны "адбегліся" на поўдзень у параўнанні з Асвеяй на 12, а Езярышча – на 20 кіламетраў. Такім чынам, на "глобусе Беларусі" верхнядзвінцы – самыя што ні ёсць сапраўдныя "палярнікі"!

Цікавыя і наступныя параўнанні. Плошча тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна складае 2140 квадратных кіламетраў. На ёй маглі б размясціцца 5 такіх дзяржаў, як Андора, 7 такіх, як Мальта з яе 31 горадам, больш за 13 такіх, як княства Ліхтэнштэйн, 35 такіх, як Сан-Марына, і больш за тысячу такіх, як Манака. І нават Вялікае герцагства Люксембург, член НАТА і адна з найбагацейшых краін свету, толькі ўдвая перавышае Верхнядзвінскі раён па плошчы тэрыторыі.

А.Бубала

Интернет-ресурсы