Адрес: 211631, г.Верхнедвинск,
ул.Кооперативная д.1
Телефон приемной:
8 (02151) 5-33-47  c 8.00 до 21.00
Телефон «горячей линии»:
8 (02151) 5-33-47  c 8.00 до 21.00
Электронная почта райисполкома:
isp@verkhnedvinsk.vitebsk-region.gov.by

Игровой комплекс «Каравелла» Верхнедвинская гимназия Pека Западная Двина Мини-зоопарк «Лесная сказка» Верхнедвинский районный исполнительный комитет
Игровой комплекс «Каравелла»
Игровой комплекс «Каравелла»
Верхнедвинская гимназия
Pека Западная Двина
Мини-зоопарк «Лесная сказка»
Верхнедвинский районный исполнительный комитет
Главная / Туризм / Туристические маршруты / Турысцкімі маршрутамі асвейскага паазер’я

Турысцкімі маршрутамі асвейскага паазер’я

                            Азёрная кругасветка


Лісна – воз.Белае (Юхаўское) – воз. Глыбокае – воз. Малы Зелянец -- Мыленкі -- Малашкава
пешаходны, 35 км, чатыры дні

   Маршрут пачынаецца ў вёсцы Лісна. Гэта мясціна багатая на прыродныя і гістарычныя адметнасці.   З гістарычных асобаў тут найперш прыпамінаюць рускага пісьменніка Дзяніса Фанвізіна, якому Лісна было падорана імператарскім дваром і дзе ён пісаў сваю камедыю “Выбар гувернёра”.
Узгорак на левым беразе Свольны – гэта мясціна, дзе да вайны стаяла царква. Яна  згарэла падчас бою партызан з фашыстамі ўлетку 1942 году. Увогуле Лісна для нашых сучаснікаў – гэта, найперш, партызанскі край. Тут праходзіла лінія абароны ад карнікаў, якія арда за ардой ладзілі экспедыцыі – блакады супраць партызан і мірных жыхароў. На мясцовых могілках ёсць некалькі партызанскіх магіл, а за мостам пастаўлена стэла ў гонар загінулых землякоў.
Ад аўтобуснага прыпынку вы ідзеце цэнтральнай вуліцай, якая адразу за вёскай становіцца лясной дарогаю. Не зварочвайце з яе і тады, калі з гравійкі яна ператворыцца ў пясчаны шлях. На чацвертым кіламетры стужка дарогі успаўзе на пясчаную граду, дзе вы раптам перад сабой убачыце праз ствалы і вершаліны дрэў бірузова-смарагдавы цуд. Вашы ўсхваляваныя воклічы будуць азначаць, што вы выйшлі  да Белага-Юхаўскога возера.
Юхаўское – найпрыгажэйшае з усіх паўночных азёраў. Яго катлавіна лопасцевай формы мае высокія, да дваццаці метраў, берагі. Плошча вадзянога люстра – тры квадратныя кіламетры. Вада надзвычай празрыстая. Турыстаў сюды вабяць прыдатныя для стаянак берагі, шырокія прыбярэжныя пясчаныя водмелі ды раскошныя, багатыя лясы. Калі дарога спусціцца да самага берагу, можна ставіць палаткі. Мелкаводдзе тут раздольнае, і вы ўдосталь нацешыцеся купаннем.
Назаўтра кіруйцеся далей Юхаўскім шляхам, каб звярнуць з яго налева толькі пасля таго, як прамінеце возера Шчучынец. На гэтым адрэзку варта звярнуць увагу на тое, што ваша дарога – адзін з старэйшых  стратэгічных шляхоў. Па гэтым гасцінцы ў ліпені 1941 году пакідалі Асвейшчыну апошнія яе абаронцы – воіны 22-й Пермскай дывізіі, і па ім жа роўна праз тры гады гэтая ж дывізія  з баямі несла  ў наш край вызваленне.
Возера Плацічнае адкрыецца сінім сподкам у глыбокай чашы справа. Тут  вы пачнеце непакоіцца пра далейшы выбар шляху. Тайга ёсць тайга. Ёсць шанц заблукаць у наваколлі змрочнага возера Вялікі Тучок, дзе дасюль хаваюцца ад людскога вока рэшткі першай базы Асвейскай партызанскай брыгады. Таму варта загадзя паклапаціцца пра надзейную карту або картасхему, якая выведзе вас да возера Глыбокага, якое прапануе адпачынак на сваім утульным сасновым ды пясчаным беражку, абсталяваным для турыстаў.
Сярод рыбакоў возера славіцца вялізнымі лінямі. Побач на ўзлеску невялікай паляны ёсць вышка – старожка, адкуль палююць на дзікоў..
Зранку наступнага дня рушыце лясной дарогаю на захад. Калі азёрны беражок гатовы знікнуць з вачэй, заслонены гарою, скіньце рукзакі – вам належыць здзейсніць штурм гэтай пясчанай дзюны. Лезці прыходзіцца амаль па вертыкальным схіле. Нарэшце перад вашымі вачыма – лясныя могілкі.      
Тут светла і ўрачыста. Сярод магіл з простымі крыжамі стаіць строгі помнік з ружовага граніту на магіле Лены Сураўнёвай. Алена Паўлаўна Сураўнёва была разведчыцай. Пры наступленні ў 1944г. камандаванне 4-й Ударнай арміі накіравала яе цераз лінію фронту на сувязь з партызанамі. Выконваючы баявое заданне, дзяўчына трапіла ў засаду і пасля жорсткіх катаванняў была забіта фашыстамі. Насупраць, на каменным пастаменце, яшчэ адзін помнік — металічная стэла з прораззю-зоркай, праз якую, як у фігурнай рамцы, бачны неба, сосны і сінім-сіняе возера. У гэтай магіле пахаваныя савецкія воіны, якія загінулі пры вызвольным наступленні ў 1944 г.
Скаціўшыся ўніз і нагрузіўшыся рукзакамі, рушым далей, пазбягаючы правых адгалінаванняў шляху. Праз чатыры кіламетры лясная дарога прывядзе вас у Валясы. Тут заканчваецца Беларусь. З дзесятак хат туляцца на белым пяску-падзоле паміж сцяной лесу і трысняговай поймаю возера Лісна, апаясаныя з поўначы стужкай ракі Свольны. Ад апошняй хаты Валясоў да Расіі, што за Свольнаю, усяго метраў дваццаць. Тут, каля нізкага мастка, звычайна адпачываюць турысты, якія сплаўляюцца з Себежа  па ланцугу вялікіх азёраў і невялікіх рэчак праз Себежскі нацыянальны парк.
Перайшоўшы хісткі масток, пойдзем левай дарогай, агінаючы возера Лісна супраць гадзіннікавай стрэлкі, і звернем направа толькі праз паўтара -- два кіламетры.  Тут  дарога крута памкне ўверх, а затым рынецца серпантынам  у маляўнічую круглявую лагчыну, дзе зелянее ў акаймленні лясных шатаў возера Малы Зелянец. Надзвычайная папулярнасць гэтай невялікай азярыны з астраўком пасярэдзіне тлумачыцца яе “тэатральным” выглядам. Здзейсніце рытуальнае амавенне ў гэтай свянцонай, насычанай, як кажуць, срэбрам купелі удосталь паскачыце ў яе з высокага мастка ды ўладкоўвайцеся на начлег.
Паўтарыце ўсё гэта зранку і выходзьце зноў на дарогу, што агінае возера Лісна. яна прывядзе вас у Дзянісенкі. Бераг возера тут упарадкаваны і прыгодны для купання  адразу ж пры ўваходзе ў вёску.Тут можна зрабіць абедзенны прывал. У сасняку паблізу паўночнай ускраіны вёскі ёсць курганны могільнік, а на лясным востраве сярод ляснога ж балота  за два кіламетры на захад знаходзяцца могілкі часу апошняй вайны.
Дарога ад Дзянісенкаў добрая. Праз кіламетр з лішкам яна перасячэ падпруджаную бабрамі багністую рачулку Старую Канаву. Калісьці яна служыла натуральным сцёкам з возера Асвейскага ў Лісна., а зараз  служыць мяжой паміж Расеяй і Беларуссю. Хутка ўзнікне наступны мост. Бетонны пераход узведзены над рэчкай Дзегцяроўкай, дакладней каналам, які  яшчэ ў даўнія кацярынінскія часы замяніў натуральны водны шлях з Асвеі ў Лісна.
Ідучы далей па гравійцы, памятайце, што недзе праз кіламетр вам належыць звярнуць налева. Гэта дарога выведзе вас на масток. праз Паплаўскую Канаву. Запруджаная бабрамі, яна можа мець даволі ўнушальны выгляд. Перайшоўшы яе, мы зноў трапляем у Беларусь. 
За лясным  мыском паказваецца вёска Мыленкі. На невялікім лапіку прыгоднай зямлі прытуліліся некалькі хацінак, усе жыхары якіх носяць прозвішча Арловы. Напрадвесні 1943-га тут разгулялася смерць. Пакутнікаў Асвейшчыны пахавалі проста пасярод вёскі. На бялюткай стэле напісаны словы: “Як хвалі Лісна б’юць у берагі, так сэрцы нашы хай хвалюе памяць”.
За Мыленкамі дарога ізноў запаўзае ў вялікія лясы. Кіламетры праз тры шыльда - ўказальнік запросіць вас у зону адпачынку Дубное, дзе вы зладзіце апошні начлег, карыстаючыся паслугамі абсталяванай зоны адпачынку.
Назаўтра можаце ўдосталь цешыцца лясным ды азёрным раздоллем, а ў сезон на пачастунак дадому набраць ягад, грыбоў. Апошні пераход нядоўгі – не больш як гадзіна шляху на поўдзень. Хутка  лес скончыцца, і перад вамі проста на кручу палезе вёска Малашкава. Адолеўшы гэты “каўказскі” пад’ём, вы выходзіце на раўніну, а неўзабаве наперадзе ўбачыце альтанку аўтобуснага прыпынку. Адсюль вы з камфортам даедзеце дадому.

Интернет-ресурсы