Адрес: 211631, г.Верхнедвинск,
ул.Кооперативная д.1
Телефон приемной:
8 (02151) 5-33-47  c 8.00 до 21.00
Телефон «горячей линии»:
8 (02151) 5-33-47  c 8.00 до 21.00
Электронная почта райисполкома:
isp@verkhnedvinsk.vitebsk-region.gov.by

Игровой комплекс «Каравелла» Верхнедвинская гимназия Pека Западная Двина Мини-зоопарк «Лесная сказка» Верхнедвинский районный исполнительный комитет
Игровой комплекс «Каравелла»
Игровой комплекс «Каравелла»
Верхнедвинская гимназия
Pека Западная Двина
Мини-зоопарк «Лесная сказка»
Верхнедвинский районный исполнительный комитет
Главная / Туризм / Туристические маршруты / Асвейшчына – радзіма герояў

Асвейшчына – радзіма герояў

Асвея – Задзежжа  – Малавіды – Дабраплёсы – Лісна – Асвея.              
70км , два дні

Знаёмства з Асвейшчынай было б няпоўным, калі б вы не наведалі яе прысвальнянскую частку, якая дасюль захоўвае памяць апошняй вайны. Лепш за ўсё гэта зрабіць на веласіпедах.
Асфальтаваная Полацкая шаша прымусіць вас добра ціснуць на педалі, пакуль не выведзе на перавал Асвейскай грады. За цагельняй дарога адлога пачне спускацца на Полацкую нізіну. На скрыжаванні ў Стралках зрабіце падгоначны прывал, падыйдзіце да помніка-сцяны памяці ў скверыку ды, пры неабходнасці, папоўніце змесціва вашых рукзакоў з крамы. Далей дарога будзе бязлюднай на працягу дзесяці кіламетраў  -- аж да Задзежжа.
У гэту вёску вы ўязджаеце старым маляўнічым гасцінцам з бярозавымі прысадамі. У цэнтры стаіць абеліск на памяць аб загінулых земляках. Далей пры дарозе пад бярозамі ўбачыце брацкую магілу ахвяр фашызму. 1 сакавіка 1943 г. карнікі пастралялі і спалілі тут больш як трыста мірных жыхароў. Яшчэ далей, але ўжо злева, пастаўлена стэла ў гонар нараджэнца вёскі, Героя Савецкага Саюзу Міхаіла Маркавіча Мядзеля.
Але вернемся на скрыжаванне дарог і возьмем новы курс – на Невель. Хутка вам сустрэнецца шыльда “Расонскі раён”. Раней гэтыя мясціны ўваходзілі ў Асвейскі раён. Асвейскім былі і ўсе наступныя вёскі на вашым маршруце.
Ад Задзежжа да ракі Свольны ўсяго толькі пяць кіламетраў, таму хутка прыгожым борам вы пад’ядзеце да Марачкова. Зараз тут  цэнтр сельсавету ў Расонскім раёне. У вёсцы пастаўлены помнік партызанам Асвейскай брыгады імя Фрунзе. Ёсць тут і помнік землякам. Мы паедзем левым берагам ракі на поўнач. Тады праз чатыры кіламетры будзе вёска Маторына. Яе імя часта сустракаецца ў партызанскіх мемуарах. Тут стаіць помнік у гонар яшчэ адной нашай брыгады – 1-й Дрысенскай. Каля могілкаў пастаўлены помнік ахвярам фашызму. На заходняй ускраіне вёскі ёсць курганны могільнік.
Дарога бяжыць далей на поўнач. Свольна тут — тыповая таёжная рака, глыбокая і таямнічая. Левы бераг высокі і ярысты. Ізноў праз чатыры кіламетры дарога выводзіць у  Малавіды. Гэта вёска ляжыць на правым беразе, таму вам трэба пераехаць мост. За ваколіцай вёскі ёсць брацкая магіла мірных жыхароў Асвейшчыны, чый трагічны лёс апісаны асвеяком Генадзем Героднікам у аповесці “Рэквіем вёскі Ярохі.”
Цяпер зноў едзьце на поўнач, па дарозе на Чарнавокі. Як толькі апынецеся ў лесе, ведайце, што гэта зноў наш раён. Паміж дарогаю і ракой у нізіне схаваліся азёры Жабернае і Стрэшна. Абодва яны невялікія, але хаця і ляжаць блізка ад дарогі – за сто – дзвесце метраў, аднак не бачныя за лесам.
Шлях пралягае па вяршыні доўгай выспы,. якая носіць назву Стрэшнаўскага падняцця і аб’яўлена помнікам прыроды. Нарэшце дарога злятае з выспы ўніз, перасякае ручаіну, яшчэ раз ускоквае на пагорак і выбягае на сухую палянку. Зварочвайце направа па ўзлеску. Тут, на палыновым узгорку, на крутым рачным беражку вы будзеце начаваць.
Гэта мясціна называецца Ніжні мост. На ўзлеску бачна магіла дзяцей, якія загінулі ад холаду, голаду, куль і пры іншых страшных нагодах падчас карнай экспедыцыі. У самым прырэчным і прылесным куце невысокі і разрыты пясчаны пагорачак пазначае месца, дзе былі пахаваныя партызаны Латвійскай партызанскай брыгады. За кіламетр на ўсход, на ўскрайку балота можна ўбачыць рэшткі зямлянак і бліндажоў,  дзе латышы стаялі лагерам.
Пры жаданні бівак можна разбіць паблізу адразу за мостам. Там ёсць альтанка, праўда, дровы давядзецца цягаць крыху далей.
Яшчэ адна магіла знаходзіцца блізка да вашай стаянкі, на высачэзным, надрэчным яры. Да яе можна дабрацца па беразе, адолеўшы балота і лясны гушчар. Ад белага каменя над самотнай магілай расхінаюцца далягляды Лісняншчыны з круглява-выгінастымі плёсамі Свольны, такія спеўныя, што становіцца зусім зразумелым, чаму найбліжэйшая адсюль вёска на высокім левым схіле даліны займела такую прыгожую назву -- Дабраплёсы.
Туды мы кіруем назаўтра. Вёска лясная, і мы зноў даем нырца ў лясы. Можна праставаць новай гравійкай, а можна ў лесе звярнуць старой дарогай, якая апісвае левую дугу, падыходзячы да ракі. Тады на надрэчным краі поля былой вёскі Рэвуты вы ўбачыце сасновы грудок могілкаў. Там знаходзіцца самы вялікі ў раёне каменны крыж – абярэг на варажскім шляху.
Калі лес расступіцца, дарога прывядзе ў Ізубрыцу. Тут мае сэнс звярнуць на правую вулку. Абагнуўшы плантацыю шыпшыны і балота, дарога прывядзе вас да шлюзу з вадаспадам на рачулцы, якая выцякае з возера Ізубрыца. Самы час перакусіць ды паскакаць з плацінкі ў ваду.
Пасля адпачынку можаце вяртацца назад альбо знайсці зарэчную дарожку  ў вёску. На ўскраіне стаіць прыгожая сядзіба сучасных гаспадароў з лазняй, сажалкай ды файным дамком-вартоўняй. Магчыма, да вашага прыезду тут ужо будзе папулярны ў турыстаў прытулак.
Звярнуўшы ў лесе налева, гравійка з разгону ўлятае на асфальтаваную вуліцу Лісна. На ўзлеску па правы бок ад шляху ёсць дзве брацкія магілы ахвяр фашызму. Звярніце туды яшчэ і дзеля таго, каб праз поўкіламетра апынуцца на месцы адпачынку з абсталяванымі альтанкамі і добрым пляжам.
З Лісна заедзем у блізкае Залучча, куды вабіць вас здалёк бачная гара-маяк. З самага верху гэтай высознай стромы вы здымеце на камеры самыя маляўнічыя краявіды. На выхадзе з вёскі падыйдзіце да помніка ў гонар Героя Савецкага Саюзу Сямёна Аляксандравіча Забагонскага, які нарадзіўся ў Залуччы.
Цяпер можна скіраваць на Кабыленцы. “Пералёт” складзе не больш як чвэрць гадзіны. Вёсачка знаходзіцца па другі бок шашы. Тутэйшую ж пярліну – возера Кабыленскае – вы ўбачыце толькі апынуўшыся на краі глыбокай яго катлавіны. Чароўнае азярко з міні-востравам надзвычай папулярнае сярод аматараў прыгожага адпачынку.
Ад Кабыленцаў выязджаем зноў на Ліснянскую дарогу і кіруем на Асвею. Сярод лесу далёка наперадзе над зялёным морам праблісне бязлесны мацярык. Гара, з якой адкрываецца шышкінскі краявід, называецца Капліца. Напэўна, калісьці тут сапраўды стаяла прыдарожная каплічка. Зараз тут стаіць альтанка.
Пасля спуску з Капліцы дарога ідзе баравой раўняддзю  да самых падгорных Гарадзілавіч. На ўсходняй ускраіне вёскі пастаўлена стэла - помнік Герою Савецкага Саюзу Івану Андрэевічу Макеенку.
Калі справа праплыве вяршыня “маяка”, што пазначае найвышэйшы пункт Верхнядзвіншчыны, дарога весела пабяжыць уніз, спускаючыся хвалямі да Асвейскага возера. На скрыжаванні шашэек у Чапаеўскай стаяць помнікі: адзін – на магіле ахвяр фашызму і другі – у памяць аб земляках, загінулых на франтах і ў партызанах.
Себежскую шашу вы перасякаеце наўпрост. Далей дарога апранаецца ў асфальт і пачынае лічыць узгоркі, з вяршынькаў якіх вас будзе ўвесь час вабіць да сябе блакіт вялізнай прасторы Асвейскага возера.  Можаце звярнуць да яго каля вялікасельскіх могілкаў, можаце – каля рыбзаводу, але ўмовы для купання там ніякія. І толькі на “гарадскім” пляжы Асвеі вы  з асалодаю змыеце з сябе пыл нялёгкіх лясных дарог.

Интернет-ресурсы